21/05/2023

Ежа і напіткі 2

  • Хто за ежаю пакідае недаедкі, таму чэрці прысняцца.
  • Хто падбірае ды есць чужыя аб'едкі, у таго будуць балець зубы.
  • Той хлеб, што бяруць у дарогу, трэба аддаць дзецям як гасцінец, а то людзі будуць цурацца.
  • Калі хто есць хлеб і не заўважае, што ўзяў чужы кавалак, пра таго кажуць, што ён зайздросны.
  • Калі ад вячэры застаецца страва, то на заўтра можна не чакаць добрага надвор'я.
  • Пасля тлустае стравы нельга піць многа вады, бо будзе хвароба.
  • Калі хто просіць пазычыць хлеба, то нельга адмаўляць, нават калі і самому не хапае, бо прыйдзе вялікае гора і голад.
  • Калі пякуць бліны, то першы аддаюць дзецям, каб у хаце было шчасце і прыбытак. Апошні блін трэба пакінуць на скаварадзе, кабзаўжды была хата багата.
  • Калі страва пры гатоўцы часта перамешваецца, то ў хаце ўсе будуць жыць у згодзе.
  • Каб квашаныя буракі былі смачныя ды доўга захоўваліся, трэба, каб ваду для іх нёс мужчына, а не жанчына.
  • Капуста лепш удаецца, калі яе заквашвае мужчына.

19/05/2023

Ежа і напіткі

  •  Без хлеба нельга есці, бо прыйдзе няшчасце.
  • Калі кавалак хлеба ўпаў на падлогу, яго трэба падняць і папрасіць прабачэння, а то нястача прыйдзе (голад).
  • За ежаю нельга гаварыць, бо ліха (бяда) ускочыць у рот і "з'есць" чалавека.
  • Як ад бохана адрэжуць акраец, то нельга гэтым бокам паварочваць хлеб да сцяны, бо тады ўсе будуць ад гаспадара адварочвацца.
  • Не можна пісь недапітую чарку, каб не стаць п'яніцай.
  • Хто ў шапцы есць, таго людзі будуць лічыць дурнем.
  • Нельга есці сала і запіваць яго вадой, бо будзе вадзянка.
  • Хто есць да службы ў царкве, той скарачае сабе жыццё.
  • Хто вельмі многа есць сала, у таго вочы запухнуць.
  • Калі ў час ежы ў хату пастукае чужы чалавек (або проста падыдзе да людзей, што ядуць), яго трэба запрасіць да стала, бо гэта можа быць святы чалавек.
  • Хто вельмі часта трапляе на чужыя абеды, то лічыцца, што ён хутка збяднее.
  • Калі ў хаце пад сталом ёсць сабака, то першы кавалак - яму, бо не ведаем, з чые ласкі жывём.
  • Нельга есці стоячы - будзе шмат працы або схопіцца хвароба.
  • Нельга есці лежачы, бо станеш беспрытульным.
  • Трэба есці хлеб так, каб не падалі крошкі, бо калі іх падбяруць мышы, то будуць балець зубы.
  • Калі есці хлеб над калодзежам і крошкі ўпадуць у ваду, то хутка памрэ нейкая свойская жывёліна.
  • Калі з рук падае лыжка, то кажуць: ці бязрукі яе трымае, ці хтосьці на абед спяшаецца.
  • Як на стале рассыплецца соль, то будзе ў хаце сварка.
  • З сальніцы нельга браць соль пальцамі, бо будзе рваць пад пазногцямі.
  • Калі на стол забудуць паставіць соль, то гаспадыня захварэе.
  • Не можна есці хлеб каля акна, каб крошкі падалі на падаконне - у хаце будзе многа мух,п авукоў і ўсякай поскудзі.
  • Цэлы хлеб нельга ламаць, трэба рэзаць, бо пакарае бог.
  • Калі ў той час, як рэжуць хлеб, з рук выпадзе нож, - гэта да няшчасця.